ПАЛАЖЭННЕ АБ НАРОДНЫМ (УЗОРНЫМ) САМАДЗЕЙНЫМ КАЛЕКТЫВЕ
 МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦI Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ
         ___________________________________________________________
         Утратило силу  постановлением  Министерства  культуры  от 6
         ноября  2008  г.  №  38  (зарегистрировано  в  Национальном
         реестре - № 8/19882 от 18.11.2008 г.) <W20819882>  _

     Зацверджана: Мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь А.У.Сасноўскi
 05.05.1999

     Узгоднена: Мiнiстр   працы    Рэспублiкi    Беларусь    I.А.Лях
 29.04.1999,   Мiнiстр   адукацыi  Рэспублiкi  Беларусь  В.I.Стражаў
 21.04.1999,  старшыня Федэрацыi прафсаюзаў Беларускай  У.I.Ганчарык
 09.04.1999

                         Агульныя палажэннi

     1.  Найменне  "народны"  ("узорны")  надаецца пастаянна дзеючым
самадзейным калектывам мастацкай творчасцi ў Рэспублiцы Беларусь.

     Заўвага. Найменне  "ўзорны"  надаецца  самадзейным  калектывам,
узрост удзельнiкаў якiх складае  да  16  гадоў  уключна;  калектывам
выяўленчага i дэкаратыўна-прыкладнога,  кiна-, вiдэа-, фотамастацтва
незалежна  ад  узросту  ўдзельнiкаў  надаецца   найменне   "народная
самадзейная студыя".

     2.   Падставай   для   надання  наймення  з'яўляюцца  наступныя
паказчыкi:
     адпаведнасць   прыярытэтам   дзяржаўнай   культурнай  палiтыкi,
накiраванай  на развiццё беларускай нацыянальнай культуры, захаванне
яе  рэгiянальных  асаблiвасцей,  засваенне  i  папулярызацыю  ўзораў
сусветнай мастацкай культуры;
     наяўнасць    самастойнай    канцэртнай   праграмы,   рэгулярная
канцэртная, выставачная дзейнасць;
     стабiльнасць   вучэбна-выхаваўчай   работы  сярод  удзельнiкаў,
высокi ўзровень майстэрства;
     актыўны  ўдзел  у  культурным  жыццi  горада, раёна, абласных i
рэспублiканскiх аглядах, фестывалях i конкурсах;
     тэрмiн творчай дзейнасцi - не менш чым тры гады.

     Заўвага.  Званне лаўрэата рэспублiканскага фестывалю (конкурсу)
можа  служыць  падставай  для  датэрмiновага  вылучэння самадзейнага
калектыву  на наданне наймення "народны" ("узорны") без спецыяльнага
прагляду атэстацыйнай камiсiяй.

     3.   Грамадскi   статус   самадзейнага  калектыву  з  найменнем
"народны"   ("узорны"),   парадак   яго   стварэння,  змест  работы,
матэрыяльна-тэхнiчнае,   арганiзацыйна-творчае,  навукова-метадычнае
забеспячэнне,  кiраўнiцтва,  нармiраванне  працы кiраўнiка, спыненне
дзейнасцi  вызначаюцца Палажэннем аб самадзейным калектыве мастацкай
творчасцi ў Рэспублiцы Беларусь.

                    Парадак прысваення наймення

     4.   Права   на  вылучэнне  самадзейнага  калектыву  на  статус
"народны"   ("узорны")   маюць   установы   культуры,   вучэбныя   i
пазашкольныя   ўстановы,   метадычныя   цэнтры,  саветы  аб'яднанняў
прафсаюзаў i рэспублiканскiя камiтэты галiновых прафсаюзаў.

     5. Заключэнне аб мастацкiм узроўнi самадзейнага калектыву даюць
члены   рэспублiканскай   атэстацыйнай   камiсii.  У  склад  камiсii
ўваходзяць спецыялiсты Мiнiстэрства культуры, Мiнiстэрства адукацыi,
Федэрацыi прафсаюзаў Беларускай, упраўленняў культуры аблвыканкомаў,
спецыялiсты адпаведных жанраў мастацкай творчасцi, метадычных служб,
профiльных абласных i рэспублiканскiх устаноў. Склад рэспублiканскай
атэстацыйнай  камiсii  зацвярджаецца  Мiнiстрам  культуры Рэспублiкi
Беларусь.

     6. Для прагляду членамi рэспублiканскай атэстацыйнай камiсii на
прадмет  прысваення  наймення  самадзейныя калектывы ў залежнасцi ад
жанравай прыналежнасцi прадстаўляюць:
     драматычны,  музычна-драматычны тэатр, тэатр лялек - шматактавы
спектакль альбо два аднаактавых;
     тэатр   оперы,  балета,  паэзii  i  прозы,  эстрады,  мiнiяцюр,
музычнай  камедыi - аднаактавы спектакль альбо канцэртную праграму ў
адным аддзяленнi;
     хор,  вакальны,  харэаграфiчны,  аркестравы, цыркавы калектыў -
канцэртную праграму ў адным аддзяленнi;
     фотастудыi,   студыi   выяўленчага   i  дэкаратыўна-прыкладнога
мастацтва - калектыўную выстаўку работ;
     кiнавiдэастудыi  -  поўнаметражны  альбо  два  кароткаметражныя
фiльмы.

     7.  У  дзейнасцi самадзейнага калектыву членамi рэспублiканскай
атэстацыйнай камiсii ўлiчваецца:
     стабiльнасць  творчай  дзейнасцi калектыву (праграмы канцэртаў,
кнiга   водгукаў,   iлюстраваныя  альбомы  канцэртнай,  гастрольнай,
пазарэпетыцыйнай дзейнасцi);
     мастацкi  ўзровень  канцэртнай  праграмы, спектакля, выстаўкi i
г.д.;
     узровень выканальнiцкага майстэрства;
     захаванне  рэгiянальных  музычных,  харэаграфiчных,  спеўных  i
iншых   стылiстычных   асаблiвасцей,   манеры  выканання,  мясцовага
касцюма;
     наяўнасць (у залежнасцi ад жанравай накiраванасцi) у рэпертуары
твораў беларускiх аўтараў, мясцовых фальклорных твораў;
     узровень  i  разнастайнасць  методык,  якiя  выкарыстоўваюцца ў
вучэбна-выхаваўчай рабоце калектыву i iнш.;
     мастацка-эстэтычнае афармленне канцэртных праграм;
     культура сцэнiчнага касцюма;
     культура сцэнiчных паводзiн.

     8.  Па вынiках вывучэння дзейнасцi самадзейнага калектыву члены
рэспублiканскай    атэстацыйнай    камiсii   даюць   заключэнне   аб
адпаведнасцi  ўзроўню  мастацкай  дзейнасцi  самадзейнага  калектыву
патрабаванням  жанру,  высокiм  выканальнiцкiм майстэрстве i г.д. Да
заключэння дадаюцца:

     а)   творчая   характарыстыка   самадзейнага   калектыву   ў  2
экземплярах;

     б)  творчая  характарыстыка  мастацкага  кiраўнiка  (рэжысёра),
творчая    характарыстыка    хормайстра,   балетмайстра,   кiраўнiка
аркестравай групы i iнш. (пры iх наяўнасцi ў калектыве);

     в) рэпертуар апошняга года;

     г)  спiс удзельнiкаў самадзейнага калектыву з указаннем даты iх
нараджэння, месца працы, вучобы, займаемай пасады, ролi, выконваемай
у калектыве (салiст-вакалiст, гiтарыст, музычны аператар i г.д.).

     Заўвага.  Дадзеныя  дакументы  падпiсваюцца  кiраўнiком базавай
установы  i  завяраюцца  пячаткай установы (арганiзацыi). Заключэнне
падпiсваецца  не менш чым пяццю членамi рэспублiканскай атэстацыйнай
камiсii i завяраецца пячаткай упраўлення культуры аблвыканкома.

     9.  Упраўленнямi  культуры аблвыканкомаў хадайнiцтвы аб наданнi
самадзейнаму калектыву наймення "народны" ("узорны") накiроўваюцца ў
рэспублiканскiя  органы  кiравання згодна з ведамаснай прыналежнасцю
(у  тым  лiку  з  заключэннем  атэстацыйнай  камiсii  i  дадатковымi
дакументамi - п.8).

     10.   Рашэнне   аб   наданнi  самадзейнаму  калектыву  наймення
"народны"  ("узорны"),  базавая  ўстанова якога ўваходзiць у сiстэму
Мiнiстэрства  культуры,  iншых  рэспублiканскiх органаў кiравання, а
таксама  творчых  саюзаў  (па  хадайнiцтву  рэспублiканскiх  органаў
кiравання),  прымаецца  калегiяй  Мiнiстэрства  культуры  Рэспублiкi
Беларусь;  самадзейнаму калектыву, базавая ўстанова якога ўваходзiць
у  сiстэму  прафсаюзаў, грамадскiх аб'яднанняў, - прэзiдыумам Савета
Федэрацыi прафсаюзаў Беларускай.

     11.  Самадзейнаму  калектыву,  якому нададзены статус "народны"
("узорны"), уручаецца спецыяльны дыплом.

     12.  Фармулiроўка  поўнай  назвы самадзейнага калектыву павiнна
адлюстроўваць жанравую спецыфiку i характар дзейнасцi калектыву, яго
базавую  прыналежнасць,  арыгiнальную  лiтаратурную  назву,  якая не
павiнна  мець  аналагаў  у межах вобласцi. У выпадках дублiравання i
недакладнай  фармулiроўкi  назвы самадзейнага калектыву Мiнiстэрства
культуры Рэспублiкi Беларусь i Федэрацыя прафсаюзаў Беларуская маюць
права ўносiць прапановы па яе змене.

     Заўвага. Калектывы,  у  склад  якiх  уваходзiць  больш  за  50%
удзельнiкаў,  якiя  працуюць  ва   ўстановах   культуры,   галiновых
навучальных  установах  i  пры гэтым маюць спецыяльную адукацыю,  цi
калектывы навучэнцаў вучэбных устаноў культуры i  мастацтва  павiнны
ўказваць гэтую акалiчнасць у назве калектыву,  напрыклад: фальклорны
ансамбль  работнiкаў  культуры  горада  (раёна),  вакальны  ансамбль
педагогаў дзiцячай музычнай школы горада (раёна), сiмфанiчны аркестр
педагогаў i студэнтаў вучылiшча i г.д.

                   Парадак пацвярджэння наймення

     13.  Самадзейныя  калектывы  са  статусам  "народны" ("узорны")
пацвярджаюць найменне адзiн раз у тры гады.

     14. Упраўленнi  культуры,  адукацыi  аблвыканкомаў  сумесна   з
абласнымi саветамi прафсаюзаў прымаюць рашэнне аб формах арганiзацыi
праглядаў самадзейнага калектыву: фестываль, конкурс, свята, агляд i
iнш.

     15. Праграма i дакументацыя аб дзейнасцi самадзейнага калектыву
прадстаўляюцца   ў   адпаведнасцi  з  патрабаваннямi  аб  прысваеннi
наймення:   самастойная   канцэртная   праграма,  выстава,  узровень
выканальнiцкага майстэрства i г.д.

     16.  У  склад камiсii (журы) па пацвярджэнню наймення "народны"
("узорны")     уваходзяць    прадстаўнiкi    ўпраўленняў    культуры
аблвыканкомаў,  спецыялiсты  адпаведных  жанраў мастацкай творчасцi,
профiльных   навучальных   устаноў,   работнiкi   органаў  культуры,
адукацыi,   прафсаюзаў,  арганiзацыйна-метадычных  Цэнтраў  i  Дамоў
народнай творчасцi.

     17.   Вынiкi   прагляду   камiсii   пратакалiруюцца.   Пратакол
падпiсваецца  членамi  камiсii, завяраецца пячаткай абласнога органа
культуры.  Пры  наяўнасцi  ў  членаў  камiсii  крытычных  заўваг  да
дзейнасцi  самадзейнага  калектыву  пратакол  даецца  на азнаямленне
кiраўнiку  калектыву,  што  пацвярджаецца  яго  подпiсам.  Пратаколы
захоўваюцца   ў  абласных  Цэнтрах  народнай  творчасцi.  Выпiска  з
пратаколу  аб вынiках прагляду накiроўваецца ў Мiнiстэрства культуры
Рэспублiкi Беларусь цi Федэрацыю прафсаюзаў Беларускую.

     18. Званне лаўрэата, дыпламанта фестывалю, конкурсу са статусам
рэспублiканскага,  атрыманае  самадзейным калектывам на працягу двух
апошнiх   гадоў,  можа  быць  падставай  для  пацвярджэння  наймення
"народны" ("узорны") аўтаматычна.

                    Парадак пазбаўлення наймення

     19.   Наймення  "народны"  ("узорны")  пазбаўляецца  самадзейны
калектыў, дзейнасць якога не адпавядае дадзенаму Палажэнню.

     20. Змена  базы  дзейнасцi,  пераход  самадзейнага  калектыву ў
iншую сiстэму або ведамства адбываюцца па  пiсьмоваму  ўзгадненню  з
мясцовымi  органамi культуры (адукацыi,  прафсаюзаў).  Пры пераходзе
без адпаведнага ўзгаднення  самадзейны  калектыў  страчвае  найменне
"народны" ("узорны").

     21. Упраўленнi   культуры,  адукацыi  аблвыканкомаў  сумесна  з
абласнымi   саветамi   прафсаюзаў   хадайнiчаюць   аб    пазбаўленнi
самадзейнага  калектыву  наймення  "народны"  ("узорны")  непасрэдна
перад  калегiяй  Мiнiстэрства   культуры   Рэспублiкi   Беларусь   i
Прэзiдыумам  Савета  Федэрацыi прафсаюзаў Беларускай,  якiя прымаюць
адпаведнае рашэнне.

          Нарматыўна-фiнансавае   забеспячэнне   дзейнасцi
                       самадзейнага калектыву

     22.    Нармiраванне    працоўнага   часу   штатнага   кiраўнiка
(кiраўнiкоў)   самадзейнага   калектыву   ажыццяўляецца   на  аснове
Палажэння  аб калектыве самадзейнай мастацкай творчасцi ў Рэспублiцы
Беларусь.

     23.  У  самадзейным  калектыве з найменнем "народны" ("узорны")
можа ўводзiцца дадаткова да трох штатных адзiнак, якiя ўтрымлiваюцца
за  кошт  бюджэтных  цi  iншых асiгнаванняў. Неадбходную колькасць i
склад   спецыялiстаў  кiраўнiк  самадзейнага  калектыву  ўзгадняе  з
адмiнiстрацыяй базавай установы.

     24.  За  кошт  сродкаў  ад  правядзення платных мерапрыемстваў,
аказання  паслуг, розных вiдаў работ, не забароненых заканадаўствам,
iншых  паступленняў можа ўтрымлiвацца дадаткова неабходная колькасць
творчых i тэхнiчных работнiкаў.

     25.  Кiраўнiк  самадзейнага  калектыву  з  найменнем  "народны"
("узорны")  па  ўзгадненню з кiраўнiцтвам базавай установы мае права
запрашаць   балетмайстраў,   хормайстраў,  рэжысёраў,  кампазiтараў,
мастакоў  i  iншых  спецыялiстаў для кансультацыйнай i пастановачнай
дзейнасцi.  Аплата за выкананыя работы ажыццяўляецца за кошт сродкаў
базавай установы альбо сродкаў самадзейнага калектыву.

         ___________________________________________________________