ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

17 кастрычніка 2009 г. № 1346

Аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Правесці з 20 снежня 2009 г. па 10 студзеня 2010 г. навагоднюю дабрачынную акцыю «Нашы дзеці» з удзелам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкома і іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

2. Міністэрству адукацыі:

да 11 снежня 2009 г. зацвердзіць пералік рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў, якім прапанавана прыняць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», і давесці яго да ведама гэтых арганізацый;

пры неабходнасці па ўзгадненню з зацікаўленымі ўносіць змяненні ў названы пералік.

3. Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прыняць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», наведаць дзіцячыя дамы, у тым ліку сямейнага тыпу, школы-інтэрнаты, дзiцячыя вёскi (гарадкi), дамы-iнтэрнаты для дзяцей-iнвалiдаў з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, дамы дзiцяцi, дзіцячыя бальніцы з мэтай віншавання дзяцей з Новым годам, Калядамі, уручэння ім падарункаў, аказання дапамогі ў вырашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам існуючых праблем.