ЗАГАД МIНIСТЭРСТВА АДУКАЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
 28 лiпеня 1994 г. № 216

 АБ ПРЫКЛАДНЫМ ПАЛАЖЭННI АБ IНТЭРНАТАХ ПРЫ
 АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНЫХ ШКОЛАХ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
 ___________________________________________________________
 Утратил силу приказом Министерства образования Республики
 Беларусь от 31 июля 2008 г. № 605 _

 1. Зацвердзiць прапанаванае ўпраўленнем агульнай сярэдняй
адукацыi Прыкладнае палажэнне аб iнтэрнатах пры агульнаадукацыйных
школах Рэспублiкi Беларусь.
 2. Упраўленню агульнай сярэдняй адукацыi (Пятроўскi Г.М.) да 1
верасня 1994 г. давесцi Прыкладнае палажэнне аб iнтэрнатах пры
агульнаадукацыйных школах да ўпраўленняў i аддзелаў адукацыi
выканкамаў абласных, гарадскiх i раённых Саветаў дэпутатаў,
арганiзаваць кантроль за iх выкананнем.

 Мiнiстр В.А.ГАЙСЁНАК

 ЗАЦВЕРДЖАНА
 Загад Мiнiстэрства адукацыi
 Рэспублiкi Беларусь
 28.07.1994 № 216

 ПРЫКЛАДНАЕ ПАЛАЖЭННЕ
 аб iнтэрнатах пры агульнаадукацыйных школах
 Рэспублiкi Беларусь

 I. Агульныя палажэннi

 1. У адпаведнасцi з Законам "Аб адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь"
вучнi сельскiх школ забяспечваюцца iнтэрнатамi. Iнтэрнаты пры
пачатковых, базавых i сярэднiх сельскiх агульнаадукацыйных школах
арганiзуюцца для дзяцей, якiя пражываюць на адлегласцi звыш 3
кiламетраў ад школы.
 2. Iнтэрнаты пры школах адкрываюцца (закрываюцца) па рашэнню
выканкамаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.
 3. Iнтэрнат знаходзiцца ў непасрэдным падпарадкаваннi школы. Ён
не з'яўляецца самастойнай юрыдычнай асобай i карыстаецца пячаткаю
школы.
 4. Пад iнтэрнат адводзiцца спецыяльна пабудаванае або
пераабсталяванае для гэтай мэты жылое памяшканне, якое знаходзiцца ў
непасрэднай блiзасцi ад школы, адпавядае будаўнiчым нормам i
правiлам, санiтарным i супрацьпажарным патрабаванням па ўстройстве i
ўтрыманнi iнтэрнатаў пры навучальных установах i ў якiм створаны
належныя ўмовы для пражывання, самастойных заняткаў i адпачынку
вучняў.
 Iнтэрнат можа быць арганiзаваны таксама ў арэндаваным часткова
або поўнасцю памяшканнi, якое адпавядае дзеючым
санiтарна-гiгiенiчным i супрацьпажарным нормам.

 II. Санiтарныя патрабаваннi да
 ўстройства i ўтрымання прышкольных iнтэнатаў

 5. Састаў i плошча памяшканняў жыллёвага i бытавога прызначэння
для заняткаў i адпачынку павiнны вызначацца дзеючымi санiтарнымi
нормамi i правiламi па ўстройству i ўтрыманню iнтэрнатаў, залежаць
ад колькасцi месцаў у iнтэрнаце i павiнны адпавядаць устаноўленым
санiтарна-гiгiенiчным патрабаванням: спальнi - не менш 6 кв.м, пакоi
для заняткаў i адпачынку - 1,5 кв.м, сталовай - 0,8 кв.м на аднаго
вучня.
 6. У iнтэрнаце павiнны быць дапаможныя памяшканнi: пакой для
сушкi вопраткi i абутку, санiтарны пакой для дзяўчынак, умывальнiкi
(асобна для дзяўчынак i хлопчыкаў), туалеты мужчынскiя i жаночыя,
кладоўкi для прадуктаў i асабiстых рэчаў вучняў, бялiзнавыя, павець,
пакоi для выхавальнiкаў i дапаможныя памяшканнi для абслуговага
персаналу, iзалятар, якi абсталёўваецца з разлiку 1 ложак на 50
чалавек.
 7. Усе памяшканнi iнтэрната павiнны ўтрымлiвацца ў адпаведнасцi
з патрабаваннямi супрацьпажарнай бяспекi i санiтарна-гiгiенiчнага
рэжыму для ўстаноў адукацыi.
 8. Адмiнiстрацыя школы абавязана забяспечыць утрыманне
iнтэрната ў адпаведнасцi з дзеючымi санiтарнымi правiламi i нормамi
тэхнiчнай эксплуатацыi жыллёвага фонду.

 III. Парадак прыняцця вучняў у iнтэрнат
 i арганiзацыя яго работы

 9. Адмiнiстрацыя школы, пры якой працуе iнтэрнат, прымае меры
па ўладкаваннi ў iнтэрнат вучняў, якiя маюць у гэтым патрэбу.
 Залiчэнне вучняў у iнтэрнат праводзiцца загадам па школе на
падставе пiсьмовай заявы бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць.
Залiчэнне праводзiцца да 5 верасня, у асобных выпадках - на працягу
навучальнага года.
 Выбыццё вучняў з iнтэрната таксама афармляецца загадам па школе
з указаннем прычын выбыцця.
 10. На час знаходжання ў iнтэрнаце вучням даецца магчымасць
бясплатна карыстацца ложкам, матрацам, падушкай, коўдрай, прадметамi
агульнага карыстання (шафа, тумбачка, люстра, умывальнiк i г.д.).
Забеспячэнне пасцельнымi прыладамi i мяккiм iнвентаром ажыццяўляецца
ў адпаведнасцi з дзеючымi нормамi.
 11. Для вучняў, якiя пражываюць у iнтэрнатах пры
агульнаадукацыйных школах, арганiзуецца чатырохразовае харчаванне па
дзеючых нормах, як за кошт бюджэтных асiгнаванняў i сродкаў бацькоў,
так i за кошт сродкаў, якiя выдзяляюцца на гэтыя мэты калгасамi i
саўгасамi, прадпрыемствамi, арганiзацыямi, установамi,
прадпрымальнiкамi i фундатарамi. З мэтай паляпшэння харчавання
вучняў у iнтэрнатах выдзяляюць частку сродкаў з фонду ўсенавуча, а
таксама выкарыстоўваюцца прадукты з прышкольных вучэбна-вопытных
участкаў i падсобных гаспадарак.
 Па рашэнню выканкамаў раённых (гарадскiх) Саветаў дэпутатаў за
кошт бюджэтных асiгнаванняў 25% вучняў, якiя пражываюць у iнтэрнаце,
поўнасцю вызваляюцца ад платы за гарачае харчаване, а астатнiя вучнi
аплачваюць палову кошту гэтага харчавання. Выканкамы мясцовых
Саветаў могуць прыняць рашэнне аб бясплатным харчаваннi ўсiх
школьнiкаў, якiя пражываюць у iнтэрнаце.
 12. Вучнi, якiя пражываюць у iнтэрнаце, абавязаны выконваць
правiлы ўнутранага распарадку, санiтарна-гiгiенiчнага рэжыму, аховы
працы i пажарнай бяспекi, а таксама пакрываць нанесеныя iнтэрнату
матэрыяльныя страты ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам. Вучнi,
якiя пражываюць у iнтэрнаце, удзельнiчаюць у работе па
самаабслугоўванню. Гэта работа накiроўваецца на падтрымку належнага
санiтарнага стану жылых памяшканняў i тэрыторыi iнтэрната i павiнна
адпавядаць узросту, полу вучняў i выконвацца ў адпаведнасцi з
дзеючымi санiтарнымi правiламi. Да работы па самаабслугоўванню не
дапускаюцца дзецi, якiя перанеслi цяжкiя захворваннi, i дзецi з
хранiчнымi хваробамi, для якiх фiзiчная праца супрацьпаказана. Не
дазваляюцца вучням работы, выкананне якiх шкодна для iх жыцця i
здароўя (прыбiранне санiтарных вузлоў, мыццё вакон, асвятляльнай
апаратуры, чыстка даху i г.д.).
 Распарадак дня ў iнтэрнаце ўстанаўлiваецца з улiкам узросту
дзяцей, мясцовых умоў i асаблiвасцей (адлегласцi ад iнтэрната да
школы, зменнасцi заняткаў, складу вучняў).
 13. Вучнi, якiя пражываюць у iнтэрнаце пры школе, на агульным
сходзе выбiраюць савет iнтэрната, якi разам з выхавальнiкамi
ўстанаўлiвае дзяжурства ў iнтэрнаце, сталовай, кантралюе выкананне
вучнямi работ па самаабслугоўванню, арганiзуе захаванне
ўстаноўленага рэжыму, таварысцкую дапамогу слабапаспяваючым i г.д.
 14. Агульнае кiраўнiцтва работай iнтэрната ўскладаецца на
дырэктара школы. Ён ажыццяўляе непасрэднае кiраўнiцтва iнтэрнатам,
нясе адказнасць за стан i арганiзацыю работы з пражываючымi ў iм
вучнямi, прмае меры па ахове iх жыцця i здароўя, арганiзуе харчавнне
i адпачынак вучняў, каардынуе i накiроўвае дзейнасць выхавальнiкаў,
настаўнiкаў i класных кiраўнiкоў; назначае i звальняе работнiкаў
малодшага абслуговага персаналу ў адпаведнасцi з дзеючым
заканадаўствам.
 Дырэктар школы арганiзуе падвоз дзяцей у школу пасля выхадных
дзён i адпраўку iх дамоў у канцы працоўнага тыдня. Для вучняў, якiя
не могуць на выхадныя днi паехаць дамоў, ствараюцца неабходныя ўмовы
для харчавання i адпачынку ў iнтэрнаце.
 Дырэктар школы можа ўскласцi адказнасць за арганiзацыю работы i
яе стан па канкрэтных напрамках дзейнасцi iнтэрната на аднаго з
сваiх намеснiкаў.
 15. Намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце арганiзоўвае
метадычную работу з выхавальнiкамi, аказвае iм адпаведную практычную
дапамогу.
 16. Непасрэднае кiраўнiцтва гаспадарчай дзейнасцю i
эксплуатацыяй iнтэрната, арганiзацыяй быту, падтрыманнем
устаноўленага парадку ажыццяўляе намеснiк дырэктара школы па
гаспадарчай частцы.
 17. Выхавальнiкамi iнтэрната прызначаюцца асобы, якiя маюць
педагагiчную адукацыю.
 У асноўныя абавязкi выхавальнiкаў уваходзяць: правядзенне з
дзецьмi ў пазаўрочны час адукацыйна-выхаваўчай работы, арганiзацыя
самастойных заняткаў вучняў па выкананню хатнiх заданняў, назiранне
за гэтымi заняткамi i аказанне вучням неабходнай дапамогi.
 Выхавальнiкi нясуць адказнасць за якасць выхаваўчай работы з
вучнямi, за выкананне ўстаноўленнага распарадку дня, правiл паводзiн
вучняў у iнтэрнаце, ахову i ўмацаванне здароўя дзяцей, правiльнае
выкарыстанне матэрыяльных каштоўнасцей i абсталявання, якiя
выдзяляюцца для работы з вучнямi; падтрымлiваюць пастаянную сувязь з
настаўнiкамi, класнымi кiраўнiкамi i бацькамi школьнiкаў; сочаць за
арганiзацыяй харчавання вучняў, разам з медыцынскiмi работнiкамi
прымаюць штодзённы ўдзел у складаннi меню, правяраюць якасць
прыгатавання ежы.
 Выхавальнiкi працуюць па плану, якi зацвярджаецца дырэктарам
школы, i адказваюць перад iм за сваю работу.
 Выхавальнiкi з'яўляюцца членамi педагагiчнага савета школы i
трымаюць перад iм справаздачы за арганiзацыю работы з вучнямi.
 18. Медыцынскае абслугоўванне вучняў, якiя пражываюць у
iнтэрнаце, ажыццяўляецца ўрачом або медыцынскай сястрой школы, а
там, дзе iх няма, - замацаванымi медыцынскiмi работнiкамi
тэрытарыяльных лячэбна-прафiлактычных устаноў.
 19. Правы i абавязкi малодшага абслуговага персаналу iнтэрната
вызначаюцца квалiфiкацыйнымi характарыстыкамi i дырэктарам школы ў
адпаведнасцi з Правiламi ўнутранага распарадку для работнiкаў
агульнаадукацыйных школ.

 IV. Штаты, фiнансаванне, улiк i справаздачнасць

 20. Штаты iнтэрната пры школе ўстанаўлiваюцца ў межах
выдаткаваных сродкаў.
 Выплата заработнай платы персаналу iнтэрнатаў пры
агульнаадукацыйных школах (акрамя педагагiчных работнiкаў)
ажыццяўляецца на працягу работы iнтэрната.
 21. Сродкi iнтэрната пры школе ўтвараюцца з сумаў, якiя
выдзяляюцца з мясцовага бюджэту, з сродкаў бацькоў, школьных
падсобных гаспадарак i вучэбна-доследных участкаў, а таксама з
сродкаў, якiя выдзяляюца калгасамi, дзяржгасамi, прадпрыемствамi,
арганiзацыямi, установамi, фундатарамi.
 Распарадчыкам крэдытаў з'яўляецца дырэктар школы.
 22. Справаздачнасць аб рабоце iнтэрната прадстаўляецца ў раённы
(гарадскi) аддзел адукацыi адзiн раз у год, фiнансавая справаздача
па iнтэрнату складаецца па ўстаноўленай форме i дасылаецца ў
тэрмiны, якiя вызначаны фiнансавымi органамi для бюджэтных устаноў.
 У iнтэрнаце павiнны весцiся па ўстаноўленай форме:
 а) журнал iнтэрната пры школе;
 б) кнiга запiсаў рэчаў, якiя выдаюцца ў карыстанне вучням,
пражываючым у iнтэрнаце.

 ___________________________________________________________