ПАЛАЖЭННЕ АБ КРАЯЗНАЎЧАЙ РАБОЦЕ БIБЛIЯТЭК РЭСПУБЛIКI
 БЕЛАРУСЬ
         ___________________________________________________________
         Утратило силу  приказом  Министерства  культуры  Республики
         Беларусь от 14 апреля 2010 г. № 64  _

 Зацверджана: Першы  намеснiк  Мiнiстра культуры Рэспублiкi Беларусь
 У.А.Гiлеп 28.12.1993

                       1. Агульныя палажэннi

     1.1. Мэтай    краязнаўчай    дзейнасцi   бiблiятэк   з'яўляецца
садзейнiчанне:
     - адраджэнню i захаванню гiстарычнай i культурнай спадчыны;
     - сацыяльнаму, эканамiчнаму, культурнаму развiццю краю *);
     - ахове, рацыянальнаму выкарыстанню прыродных багаццяў;
     - усебаковаму навуковаму даследаванню краю;
     - патрыятычнаму выхаванню жыхароў краю;
     - краязнаўчаму руху.

 ______________________________
     *) Паняццем  "край"  абазначаецца  канкрэтная  частка дзяржавы,
якая звычайна       супадае       з        адзiнкай        сучаснага
адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення (вобласць,  раён,  горад) i
вызначаецца з  улiкам   змяненняў   гiстарычных   меж,   а   таксама
фiзiка-геаграфiчных, прыродна-клiматычных,  геалагiчных, эканамiчных
i iншых крытэрыяў раянiравання.

     1.2. Для  дасягнення  вышэйазначаных  мэт бiблiятэкi праводзяць
наступную работу:
     - распаўсюджваюць веды аб пэўнай мясцовасцi (краi);
     - выяўляюць краязнаўчыя i мясцовыя дакументы  *)  (КМД)  свайго
краю;
     - збiраюць iх i забяспечваюць пастаяннае захоўванне;
     - адлюстроўваюць   з  найбольшай  паўнатой  звесткi  аб  КМД  у
даведачна-бiблiяграфiчным   апараце   (незалежна   ад    месца    iх
захоўвання);
     - абслугоўваюць КМД карыстальнiкаў  сваёй  бiблiятэкi  i  iншых
бiблiятэк (на МБА);
     - iнфармуюць  аб  краязнаўчых  дакументах  у   адпаведнасцi   з
патрэбамi спажыўцоў;
     - аказваюць кансультацыйную  дапамогу  спажыўцам  iнфармацыi  у
карыстаннi  краязнаўчым  даведачна-бiблiяграфiчным  апаратам  (КДБА)
бiблiятэкi;
     - распаўсюджваюць  веды аб краязнаўчых дакументах сярод жыхароў
краю  сродкамi  бiблiяграфiчнай  i  масавай   бiблiятэчнай   работы:
арганiзацыяй   выставак,   масавых   краязнаўчых  мерапрыемстваў,  з
дапамогай друку, радыё, тэлебачання.

 _________________________
     *) Паняццем "краязнаўчыя дакументы" аб'ядноўваюцца ўсе выданнi,
неапублiкаваныя i   аўдыёвiзуальныя    матэрыялы,    машыначытальныя
носьбiты iнфармацыi, якiя прысвечаны краю, незалежна ад тыражу, мовы
i месца выдання.
     Паняццем "мясцовыя  дакументы"  аб'ядноўваюцца   ўсе   выданнi,
неапублiкаваныя i    аўдыёвiзуальныя    матэрыялы,   машыначытальныя
носьбiты iнфармацыi, створаныя на тэрыторыi краю.

                2. Арганiзацыя краязнаўчай дзейнасцi

     2.1. З  мэтай  забеспячэння  асноўных   напрамкаў   краязнаўчай
дзейнасцi ажыццяўляецца  ўзаемадзеянне  бiблiятэк  розных  сiстэм  i
ведамстваў з  iншымi  ўстановамi  i  арганiзацыямi,   у   тым   лiку
грамадскiмi, якiя   вядуць  краязнаўчую  работу  (музеямi,  школамi,
клубамi, таварыствамi i г.д.).

     2.2. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi:
     - фармiруе фонд нацыянальнага дакумента i беларусiкi;
     - стварае ў аўтаматызаваным i традыцыйным  рэжымах  базы  даных
(БД), якiя   могуць  выкарыстоўвацца  ў  якасцi  крынiц  краязнаўчай
iнфармацыi;
     - ажыццяўляе    аналiз    стану,    праводзiць    даследаваннi,
распрацоўвае праекты рэгламентуючых  дакументаў  па  гэтых  пытаннях
краязнаўчай работы;
     - метадычна  забяспечвае  комплекс  праблем  па   бiблiятэчнаму
краязнаўству.

     2.3. Абласныя   унiверсальныя   навуковыя   бiблiятэкi   (АУНБ)
з'яўляюцца цэнтрамi  краязнаўчай   дзейнасцi   ў   сваiх   абласцях,
ажыццяўляюць:
     - увесь комплекс краязнаўчых работ;
     - дэпазiтарнае захоўванне КМД;
     - каардынацыю дзейнасцi бiблiятэк па краязнаўству, а таксама iх
узаемадзеянне з iншымi арганiзацыямi.

     2.4. Цэнтральная  бiблiятэка  ЦБС вядзе краязнаўчую дзейнасць у
межах свайго  рэгiёна,  бiблiятэкi-фiлiялы  збiраюць  матэрыялы   аб
тэрыторыях, якiя яны абслугоўваюць (мiкрараёнах,  сельскiх населеных
пунктах).

     2.5. Бiблiятэкi асобных арганiзацый,  прадпрыемстваў i  ўстаноў
назапашваюць дакументы   аб   дзейнасцi   адпаведных  арганiзацый  i
раскрываюць iх змест; бiблiятэкi навучальных устаноў, апрача таго, -
матэрыялы аб сваiх выпускнiках.

         3. Фармiраванне i арганiзацыя фондаў краязнаўчых i
                        мясцовых дакументаў

     3.1. Аснову краязнаўчай дзейнасцi бiблiятэк складае  фонд  КМД,
якi выдзяляецца  ў асобны падфонд з мэтай забеспячэння захаванасцi i
рацыянальнага выкарыстання. Ён фармiруецца ў бiблiятэках па прынцыпу
вычарпальнай паўнаты i захоўваецца пастаянна.

     3.2. У  краязнаўчы  фонд уключаюцца дакументы,  якiя прысвечаны
краю *).  Выключэннi складаюць для АУНБ неапублiкаваныя дакументы па
культуры i мастацтву.

 _______________________________
     *) У краязнаўчыя фонды публiчных бiблiятэк  адбiраюцца  таксама
беларусазнаўчыя дакументы   пры   наяўнасцi   iх   у   2-х  i  больш
экземплярах, якiя змяшчаюць значны краязнаўчы матэрыял.

     3.3. У фондзе краязнаўчых дакументаў збiраюцца таксама падборкi
газетных выразак,   краязнаўчыя   альбомы,   рукапiсныя   матэрыялы,
аўдыёвiзуальныя носьбiты (гуказапiсы, слайды, фотаматэрыялы i г.д.).

     3.4. Бiблiятэкi  вядуць  сiстэматычную  работу   па   выяўленню
краязнаўчых матэрыялаў  шляхам  непасрэднага прагляду дакументаў,  а
таксама выкарыстоўваюць         бiблiяграфiчныя         дапаможнiкi,
даведачна-бiблiяграфiчны апарат  сваёй  i iншых бiблiятэк,  каталогi
кнiжных збораў i калекцый iншых устаноў i прыватных асоб i г.д.

     3.5. Функцыi дэпазiтарнага захоўвання краязнаўчых дакументаў  i
мясцовых выданняў  на  тэрыторыi  свайго  краю  выконваюць  абласныя
бiблiятэкi.
     Дэпазiтарны фонд   краязнаўчых   дакументаў  АУНБ  уключае  ўсе
дакументы незалежна ад крынiц паступлення,  практычнай  i  навуковай
каштоўнасцi, актыўнасцi  карыстання  чытачамi  i  месца захоўвання ў
бiблiятэцы.

             4. Абслугоўванне краязнаўчымi дакументамi

     4.1. Выдача КМД ажыццяўляецца адпаведна з  агульнымi  правiламi
карыстання бiблiятэкай.

     4.2. КМД  выдаюцца  па МБА ў iншыя бiблiятэкi,  акрамя адзiнага
экземпляра.

        5. Краязнаўчая бiблiяграфiчная дзейнасць бiблiятэкi

     5.1. Краязнаўчая бiблiяграфiчная дзейнасць бiблiятэкi ўключае:
     - арганiзацыю          i          вядзенне         краязнаўчага
даведачна-бiблiяграфiчнага апарату;
     - фармiраванне сiстэмы бiблiяграфiчных дапаможнiкаў КМД;
     - краязнаўчае бiблiяграфiчнае абслугоўванне;
     - распаўсюджванне краязнаўчых ведаў.

     5.2. Арганiзацыя i вядзенне КДБА.

     5.2.1. КДБА     ствараецца     як     спецыялiзаваная    частка
даведачна-бiблiяграфiчнага апарату бiблiятэкi,  усе  элементы  якога
складаюць цэласную   сiстэму,  арганiзуюцца  i  вядуцца  па  адзiнай
методыцы i звязаны памiж сабой, а таксама з агульным ДБА бiблiятэкi,
сiстэмай адсылак i спасылак.

     5.2.2. Вядучым  прынцыпам  КДБА з'яўляецца вычарпальная паўната
адлюстравання i глыбiня раскрыцця краязнаўчых дакументаў   незалежна
ад iх аб'ёму, каштоўнасцi i храналагiчных меж.

     5.2.3. КДБА складаецца з:
     - сiстэмы каталогаў i картатэк;
     - фонду даведачных i бiблiяграфiчных дапаможнiкаў;
     - фонду выкананых даведак.

     5.2.4. Сiстэма каталогаў i картатэк  бiблiятэкi  вызначаецца  з
улiкам асаблiвасцей  яе  ўмоў,  традыцый  i  магчымасцей.  У  якасцi
асноўных элементаў у гэту сiстэму ўваходзяць:
     - зводны краязнаўчы сiстэматычны каталог цi картатэка;
     - каталог мясцовых дакументаў (для АУНБ);

     а) храналагiчны каталог кнiг i выданняў з працягам;

     б) алфавiтны каталог газет i часопiсаў;

     - алфавiтны каталог на фонд аддзела (сектара) (для АУНБ).

     5.2.5. Краязнаўчыя  каталогi  i  картатэкi  могуць  быць  як  у
традыцыйных формах (картачныя,  друкаваныя),  так i ў  нетрадыцыйных
(аўтаматызаваныя БД,    на    мiкраносьбiтах,   магнiтных   стужках,
кампакт-касетах i г.д.).

     5.2.6. Фонд даведачных i бiблiяграфiчных  дапаможнiкаў  уключае
ўсе вiды даведачных i бiблiяграфiчных крынiц, прысвечаных краю:
     - матэрыялы афiцыйнага характару;
     - статыстычныя зборнiкi, памятныя кнiгi;
     - даведнiкi,  у  тым  лiку  па  адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнаму
дзяленню;
     - карты-схемы;
     - бiблiяграфiчныя дапаможнiкi КМД.

     5.2.7. Фонд    даведачных    i   бiблiяграфiчных   дапаможнiкаў
фармiруецца ў структурным падраздзяленнi бiблiятэкi, якi ўзначальвае
яе краязнаўчую дзейнасць (аддзеле, сектары, чытальнай зале).

     5.3. Фармiраванне     сiстэмы    краязнаўчых    бiблiяграфiчных
дапаможнiкаў i паказальнiкаў мясцовых дакументаў.

     5.3.1. Сiстэма  ахоплiвае  ўсе  бакi  жыцця  краю,  задавальняе
патрэбы ў   краязнаўчай   iнфармацыi,  будуецца  з  улiкам  стану  i
напрамкаў развiцця iншых сiстэм бiблiятэчных дапаможнiкаў рэспублiкi
i ўключае дзве падсiстэмы:

     а) бiблiяграфiчных паказальнiкаў аб краi, у якую ўваходзяць:
     - унiверсальныя  бягучыя  паказальнiкi  краязнаўчых  дакументаў
(тыпу "Новая лiтаратура аб... вобласцi");
     - бягучыя   бiблiяграфiчныя    дапаможнiкi    тыпу    "Каляндар
знамянальных i памятных дат";
     - унiверсальныя рэтраспектыўныя паказальнiкi тыпу  "Што  чытаць
аб краi"  (вобласцi,  раёне),  а  таксама  паказальнiкi  аб  асобных
гарадах;
     - галiновыя    i   тэматычныя   (рэтраспектыўныя)   краязнаўчыя
паказальнiкi;
     - персанальныя  i  бiблiяграфiчныя  дапаможнiкi (паказальнiкi i
слоўнiкi);
     - паказальнiкi краязнаўчых бiблiяграфiчных дапаможнiкаў;

     б) бiблiяграфiчных   паказальнiкаў  мясцовых  дакументаў,  якiя
могуць быць прадстаўлены паказальнiкамi  перыядычных  выданняў,  што
выдавалiся ў краi,  i паказальнiкамi зместу гэтых выданняў  (у  т.л.
памятных кнiжак, губернскiх ведамасцей i iнш.).

     Паказальнiкi могуць  рыхтавацца  як  у  традыцыйным,  так  i  ў
аўтаматызаваным рэжымах.

     5.4. Бiблiяграфiчнае абслугоўванне.

     5.4.1. Даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне  па  краязнаўчых
запытах ажыццяўляецца  з  выкарыстаннем  усяго  ДБА бiблiятэкi i,  у
першую чаргу, яго краязнаўчай часткi.

     5.4.2. Бiблiятэкi    сiстэматычна    вядуць     бiблiяграфiчнае
iнфармаванне аб краязнаўчых дакументах,  якiя паступiлi ў  iх  фонды
або фонды  iншых  бiблiятэк  рэгiёна,  у  адпаведнасцi з канкрэтнымi
краязнаўчымi бiблiяграфiчнымi запытамi асобных чытачоў цi калектываў
у традыцыйных формах бiблiяграфiчнага iнфармавання.

     5.4.3. Распаўсюджванне    краязнаўчых     ведаў     праводзiцца
сiстэматычна, ўваходзiць  састаўной  часткай  у агульны план масавых
мерапрыемстваў бiблiятэкi i ажыццяўляецца ў цеснай  сувязi  з  усiмi
грамадскiмi, навуковымi,  дзяржаўнымi  арганiзацыямi  i  ўстановамi,
якiя займаюцца краязнаўчай работай.

         ___________________________________________________________