Пагадненне паміж Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Пенсіённым фондам Украіны аб узаемным пераводзе і выплаце пенсій

Уступіла ў сілу 12 чэрвеня 1997 года

 

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 10 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Украіны аб гарантыях правоў грамадзян у галіне пенсіённага забеспячэння ад 14 снежня 1995 г. (у далейшым – Пагадненне) Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Пенсіённы фонд Украіны (у далейшым – Бакі) дагаварыліся аб наступным:

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 8 Пагаднення пры перасяленні пенсіянера з тэрыторыі адной дзяржавы на тэрыторыю другой, дзе заканадаўствам дадзены від пенсіі не прадугледжаны, выплата пенсіі працягваецца дзяржавай, адкуль прыбыў пенсіянер, да ўзнікнення права на пенсію ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, на тэрыторыю якой ён перасяліўся.