Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж Міністэрствам культуры і адукацыі Літоўскай Рэспублікі і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь

Уступіла ў сілу 5 лютага 1993 года

 

Міністэрства культуры і адукацыі Літоўскай Рэспублікі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, далей называемыя «Бакамі», абапіраючыся на традыцыі добрасуседства паміж Літвой і Беларуссю, імкнучыся іх працягваць і берагчы, умацоўваючы ўзаемаразуменне і пашыраючы супрацоўніцтва, заснаванае на павазе і неўмяшанні ў справы культуры другога Боку, будучы ўпэўненымі, што раўнапраўнае супрацоўніцтва ўзбагачае родныя культуры і з’яўляецца асабліва важным для ўмацавання згоды і ўзаемнай прыязні паміж літоўскім і беларускім народамі, складаюць і падпісваюць гэтае пагадненне.

Артыкул 1

Бакі, дзейнічаючы паводле сваіх паўнамоцтваў і магчымасцяў і абапіраючыся на Законы Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь, будуць пашыраць культурнае супрацоўніцтва, якое будзе ахопліваць розныя галіны культуры, ствараць найбольш спрыяльныя ўмовы для супрацоўніцтва творчых саюзаў, таварыстваў, фондаў, устаноў культуры і мастацтва, навучальных устаноў і іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.